«НАРО́ДНЫ ЗВОН»

(«Narodny zwon»),

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдаваўся з 7.12.1926 да 28.3.1927 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіла 2 разы на месяц. Мела падзагаловак «Сялянска-работніцкая газета». Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа. Заклікала да згоды і еднасці праваслаўных і католікаў, да барацьбы за зямлю, дэмакр. самаўрады, у якія б уваходзілі бел. прадстаўнікі, выступала за школу на роднай мове, супраць непамерных падаткаў і сістэмы асадніцтва ў Зах. Беларусі. Прапагандавала ў завуаліраванай форме ідэі сацыялізму, праграмныя і тактычныя ўстаноўкі БСРГ, пісала пра забастовачны рух, дэманстрацыі, вызваленне палітвязняў, рэпрэсіі супраць бел. паслоў, пра Косаўскі расстрэл 1927 і інш. Значную ўвагу надавала дзейнасці Т-ва бел. школы. Інфармавала пра культ. будаўніцтва ў БССР у час беларусізацыі, культ.-грамадскі рух беларусаў у інш. краінах. Друкавала творы Я.Коласа, М.Васілька, Я.Маланкі і інш., артыкулы І.Дварчаніна пра Я.Коласа, С.Яцвяга пра каляндарныя земляробчыя святы і інш. Выйшла 8 нумароў, 6 канфіскаваны. Закрыта паводле пастановы Віленскага акруговага суда.

С.В.Говін.

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)